ПРОШЧА
У пяці кіламетрах ад вёскі Хутар, што ў Светлагорскім раёне, у лесе знаходзіцца народная святыня - Прошча. Кожны год на свята Святой Тройцы, на месца, дзе раней стаяла царква, прыходзяць людзі, каб памаліцца і падзякаваць Пану Богу за яго ласкі. У знак пашаны, яны ўсталёўваюць крыжы і ўпрыгожваюць іх тканінамі і рушнікамі.
Назва "прошча" паходзіць ад слова "прабачэнне". І цяпер людзі прыходзяць у прошчу, каб перапрасіць за свае грахі. Калісьці такія народныя святыні мелі шырокае распаўсюджанне на Беларусі. Цяпер пра іх могуць расказаць краязнайцы, і толькі мясцовыя жыхары дакладна ведаюць, дзе яны знаходзяцца. На святасць месца, звыйчайна, указваюць цудадзейныя крыніцы ці камяні са слядамі Багародзіцы альбо Ісуса Хрыста.
Каля вёскі Хутар таксама калісьці з-пад каменя біла жыватворная крыніца, а побач быў камень са следкам маленькага Ісуса, які вырашыў папіць тутэйшай вады. Людзі палічылі гэта месца святым і пабудавалі тут царкву. Пад час барацьбы з “опіумам народа” яезнішчылі. Звон і камень патапілі ў дрыгве. Але людзі пра месца гэтае не забыліся.
У час вайны на свята Тройцы немцы збіраліся спаліць вёску Хутар. Але, па нявысветліных абставінах, ад гэтай ідэі ў апошні момант адмовіліся. Жыхары палічылі гэта знакам з нябёсаў. І цяпер кожны год у Прошчы збіраюцца людзі з навакольных вёсак, накрываюць сталы і дзякуюць Богу за яго міласэрнасць.
No comments:
Post a Comment